1
Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?
2
Хочаце - і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце - і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце - і ня маеце, бо ня просіце;
3
Просіце - і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.
4
Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.
5
Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: "да зайздры любіць дух, які жыве ў нас"?
6
Але тым большую дае мілату; таму і сказана: "Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату".
7
Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;
8
да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
9
смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак.
10
Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.
11
Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.
12
Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?
13
Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;
14
вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.
15
Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,
16
вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.
17
Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.