1
Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.
2
Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.
3
Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.
4
Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа.
5
Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу.
6
Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам.
7
Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
8
Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца.
9
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй.
10
Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.
11
Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы.
12
А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.
13
Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы.
14
Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе,
15
і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму.
16
Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка.
17
Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў;
18
і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой.
19
Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго,
20
хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.