1
І прыйшоў анёл Гасподні з Галгала ў Бохім і сказаў: так кажа Гасподзь: Я вывеў вас зь Егіпта і ўвёў вас у зямлю, якую запрысягнуў бацькам вашым, і сказаў Я: "не парушу запавету Майго з вамі вавек;
2
і вы ня ўступайце ў спрымірэньне з жыхарамі зямлі гэтай; ахвярнікі іхнія разбурце". Але вы не паслухаліся голасу Майго. Што гэта вы зрабілі?
3
І таму кажу Я: не праганю іх ад вас, і будуць яны вам пятлёю, і багі іхнія будуць вам сеткаю.
4
Калі анёл Гасподні сказаў словы гэтыя ўсім сынам Ізраілевым, дык народ моцна загаласіў і заплакаў.
5
Ад гэтага і называюць тое месца Бохім. Там прынесьлі яны ахвяру Госпаду.
6
Калі Ісус адпусьціў народ, і пайшлі сыны Ізраілевыя, кожны ў свой надзел, каб атрымаць у спадчыну зямлю,
7
тады народ служыў Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса і якія бачылі ўсе вялікія дзеі Гасподнія, якія Ён зрабіў Ізраілю.
8
А калі памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, як было яму сто дзесяць гадоў,
9
і пахавалі яго ў межах надзелу ягонага ў Тамнат-Сараі, на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша;
10
і калі ўвесь народ гэты адышоў да бацькоў сваіх, і паўстаў пасьля іх іншы род, які ня ведаў Госпада і дзеяў Ягоных, якія Ён рабіў Ізраілю, -
11
тады сыны Ізраілевыя пачалі рабіць ліхое перад вачыма Госпада і пачалі служыць Ваалам;
12
пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і павярнуліся да іншых багоў, багоў народаў, што атачалі іх, і пачалі пакланяцца ім, і разгневалі Госпада;
13
пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалу і Астартам.
14
І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі грабежнікам, і рабавалі іх; і аддаў іх у рукі ворагам, што атачалі іх, і не маглі ўжо ўстояць перад ворагамі сваімі.
15
Куды яны ні пойдуць, рука Гасподняя ўсюды была ім на благое, як казаў ім Гасподзь і як запрысягаўся ім Гасподзь. І ім было вельмі цесна.
16
І ставіў Гасподзь судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх;
17
але і судзьдзяў яны ня слухаліся, а хадзілі блудна сьледам за іншымі багамі і пакланяліся ім, хутка ўхіляліся ад шляху, якім хадзілі бацькі іхнія, слухаючыся запаведзяў Гасподніх. Яны так не рабілі.
18
Калі Гасподзь ставіў ім судзьдзяў, дык Сам Гасподзь быў за судзьдзёю і ратаваў іх ад ворагаў іхніх ва ўсе дні судзьдзі: бо шкадаваў іх Гасподзь, чуючы стогны іхнія ад прыгнятальнікаў і ўціскальнікаў іхніх.
19
Але як толькі паміраў судзьдзя, яны зноў рабілі горш за бацькоў сваіх, ухіляліся да іншых багоў, служачы ім і пакланяючыся ім. Не адставалі ад учынкаў сваіх і ад упарцістага шляху свайго.
20
І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і сказаў Ён: за тое, што народ гэты пераступае запавет Мой, які Я ўстанавіў з бацькамі іхнімі, і ня слухаецца голасу Майго,
21
і Я ня буду ўжо выганяць ад іх ніводнага з тых народаў, якіх пакінуў Ісус, калі паміраў, -
22
каб спакушаць імі Ізраіля: ці будуць яны трымацца шляху Гасподняга і хадзіць па ім, як трымаліся бацькі іхнія, ці не?
23
І пакінуў Гасподзь народы гэтыя і ня выгнаў іх неўзабаве і не аддаў іх у рукі Ісусу.