1
Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Мадыяніцянам на сем гадоў.
2
Цяжкая была рука ў Мадыяніцянаў над Ізраілем, і сыны Ізраілевыя зрабілі сабе ад Мадыяніцянаў цясьніны ў гарах і пячоры і ўмацаваньні.
3
Калі пасее Ізраіль, прыйдуць Мадыяніцяне і Амалікіцяне, і жыхары ўсходу і ходзяць у іх;
4
і стаяць у іх намётамі, і зьнішчаюць створанае зямлёю да самай Газы, і не пакідаюць на пракорм Ізраілю ні авеякі, ні вала, ні асла.
5
Бо яны прыходзілі з быдлам сваім і з намётамі сваімі, прыходзілі ў такім мностве, як саранча; ім і вярблюдам іхнім ня было ліку, і хадзілі па зямлі Ізраілевай, спусташаючы яе.
6
І вельмі згалеў Ізраіль ад Мадыяніцянаў, і заенчылі сыны Ізраіля да Госпада.
7
І калі заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада на Мадыяніцянаў,
8
паслаў Гасподзь прарока да сыноў Ізраілевых, і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў вас зь Егіпта, вывеў вас з дома рабства;
9
выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі ўсіх прыгнятальнікаў вашых, прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхнюю,
10
і сказаў вам: "Я - Гасподзь Бог ваш; не шануйце божышчаў Амарэйскіх, у зямлі якіх вы жывяце"; але вы не паслухаліся голасу Майго.
11
І прыйшоў анёл Гасподні і сеў у Офры пад дубам, які належаў Ёасу, наступцу Авіезэраваму: сын яго Гедэон малаціў тады пшаніцу ў чавільні, каб схавацца ад Мадыяніцянаў.
12
І зьявіўся яму анёл Гасподні і сказаў яму: Гасподзь з табою, муж дужы!
13
Гедэон сказаў яму: гаспадару мой! калі Гасподзь з намі, дык чаму спасьцігла нас усё гэта? і дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: "зь Егіпта вывеў нас Гасподзь"? цяпер пакінуў нас Гасподзь і аддаў нас у рукі Мадыяніцянам.
14
Гасподзь, паглядзеўшы на яго, сказаў: ідзі з гэтаю сілаю тваёю і выратуй Ізраіля ад рукі Мадыяніцянаў; Я пасылаю цябе.
15
Гедэон сказаў Яму: Госпадзе! як уратую я Ізраіля! вось, і род мой у племі Манасііным самы бедны, і я ў доме ў бацькі майго наймаладзейшы.
16
І сказаў яму Гасподзь: Я буду з табою, і ты паб'еш Мадыяніцянаў, як аднаго чалавека.
17
Гедэон сказаў Яму: калі я здабыў ласку перад вачамі Тваімі, дык зрабі мне азнаку, што Ты гаворыш са мною:
18
ня йдзі адгэтуль, пакуль я ня прыйду да цябе і не прынясу дарунку майго і не прапаную Табе. Ён сказаў: Я застануся, пакуль ты ня вернешся.
19
Гедэон пайшоў і прыгатаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі; мяса паклаў у кош, а ўзвар уліў у горшчык і прынёс да Яго пад дуб і прапанаваў.
20
І сказаў яму анёл Божы: вазьмі мяса і праснакі, і пакладзі на гэты камень, і вылі ўзвар. Ён так і зрабіў.
21
Анёл Гасподні, працягнуўшы канец жазла, якое было ў руцэ ў яго, дакрануўся да мяса і праснакоў; і выйшаў агонь з каменя і паеў мяса і праснакі; і анёл Гасподні зьнік з вачэй ягоных.
22
І ўбачыў Гедэон, што гэта анёл Гасподні, і сказаў Гедэон: гора мне, Уладыка Госпадзе! бо я бачыў анёла Гасподняга твар у твар.
23
Гасподзь сказаў яму: мір табе, ня бойся, не памрэш.
24
І зладзіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: Ягова Шалом. Ён яшчэ і сёньня ў Офры Авіезэравай.
25
У тую ноч сказаў яму Гасподзь: вазьмі цяля са статку бацькі твайго і другое цяля сямігадовае, і развалі ахвярнік Ваала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвяшчэннае дрэва, якое каля яго,
26
і пастаў ахвярнік Госпаду Богу твайму, на вяршыні скалы гэтай, у парадку, і вазьмі другое цяля і прынясі на цэласпаленьне на дровах з дрэва, якое сьсячэш.
27
Гедэон узяў дзесяць чалавек з рабоў сваіх і зрабіў, як казаў яму Гасподзь; але як што зрабіць гэта ўдзень ён баяўся хатніх бацькі свайго і жыхароў горада, дык зрабіў уначы.
28
Раніцай усталі жыхары горада, і вось, ахвярнік Ваалаў разбураны, і дрэва каля яго сьсечанае, і другое цяля прынесена на цэласпаленьне на ягоным ахвярніку.
29
І гаварылі адзін аднаму: хто гэта зрабіў? Шукалі, распытвалі і сказалі: Гедэон, сын Ёасаў, зрабіў гэта.
30
І сказалі жыхары горада Ёасу: выведзі сына твайго: ён мусіць памерці за тое, што разбурыў ахвярнік Ваала і сьсек дрэва, якое было каля яго.
31
Ёас сказаў усім, што падступіліся да яго: ці вам заступацца за Ваала, ці вам абараняць яго? хто заступіцца за яго, той будзе аддадзены сьмерці гэтай самай раніцы; калі ён Бог, дык няхай сам заступіцца за сябе, бо ён разбурыў ахвярнік.
32
І пачаў зваць яго з таго дня Ераваалам, бо сказаў: хай Ваал сам судзіцца зь ім за тое, што ён разбурыў ахвярнік ягоны.
33
Тым часам усе Мадыяніцяне і Амалікіцяне і жыхары ўсходу сабраліся разам у даліне Ізрээльскай.
34
І дух Гасподні агарнуў Гедэона; ён затрубіў у трубу, і пакліканы быў род Авіязэраў ісьці за ім.
35
І паслаў паслоў па ўсім племі Манасііным, і яно азвалася ісьці за ім; паслаў таксама паслоў да Асіра, Завулона і Нэфталіма, і гэтыя пайшлі насустрач ім.
36
І сказаў Гедэон Богу: калі Ты выратуеш Ізраіля рукою маёю, як казаў Ты,
37
дык вось, я пасьцялю ў гумне стрыжаную воўну: калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі суха, дык буду ведаць, што выратуеш рукою маёю Ізраіля, як казаў Ты.
38
Так і сталася: на другі дзень, устаўшы рана, ён пачаў выціскаць воўну і выціснуў з воўны расы цэлую чару вады.
39
І сказаў Гедэор Богу: ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз скажу і яшчэ толькі адзін раз учыню выпрабаваньне над воўнаю: хай будзе суха на адной толькі воўне, а на ўсёй зямлі хай будзе раса.
40
Бог так і зрабіў у тую ноч: толькі на воўне было суха, а на ўсёй зямлі была раса.