- 1
- Так сказаў мне Гасподзь: ідзі, купі сабе льняны пояс і пакладзі яго на сьцёгны твае, але ў ваду не кладзі яго.
- 2
- І я купіў пояс, паводле слова Гасподняга, і паклаў яго на сьцёгны мае.
- 3
- І было мне слова Гасподняе другі раз, і сказана:
- 4
- вазьмі пояс, які ты купіў, які на сьцёгнах тваіх, і ўстань, ідзі да Еўфрата і схавай яго там, у расколіне скалы.
- 5
- Я пайшоў і схаваў яго каля Еўфрата, як загадаў мне Гасподзь.
- 6
- Як прайшло многа дзён, сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі да Еўфрата і вазьмі адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там.
- 7
- І я прыйшоў да Еўфрата, выкапаў і ўзяў пояс з таго месца, дзе схаваў яго, і вось - пояс быў сапсаваны, стаў ні на што не прыдатны
- 8
- І было мне слова Гасподняе:
- 9
- так кажа Гасподзь: так паламаю я гардунства Юды і вялікае гардунства Ерусаліма
- 10
- Гэты нягодны народ, які ня хоча слухаць слоў Маіх, жыве паводле ўпартасьці сэрца свайго і ходзіць па сьледзе іншых багоў, каб служыць ім і пакланяцца ім, будзе як гэты пояс, які ні на што не прыдатны.
- 11
- Бо, як пояс блізка ляжыць да сьцёгнаў чалавека, так Я наблізіў да сябе ўвесь дом Ізраілеў і ўвесь дом Юдаў, кажа Гасподзь, каб яны былі Маім народам і Маёю славаю, хвалою і акрасаю; але яны не паслухаліся.
- 12
- Таму скажы ім слова гэтае: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: кожны вінны мех напаўняецца віном. Яны скажуць табе: хіба мы ня ведаем, што кожны вінны мех напаўняецца віном?
- 13
- А ты скажы ім: так кажа Гасподзь: вось, Я напоўню віном да ап'яненьня ўсіх жыхароў гэтай зямлі і цароў, якія сядзяць на троне Давідавым, і сьвятароў і прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліма,
- 14
- І паламаю іх адзін аб аднаго, і бацькоў і сыноў разам, кажа Гасподзь; ня літую і не памілую і не пашкадую вынішчыць іх.
- 15
- Слухайце і ўважайце; ня будзьце ганарыстыя, бо Гасподзь прамаўляе.
- 16
- Узьнясеце славу Госпаду Богу вашаму, пакуль Ён яшчэ не навёў цемры, і пакуль яшчэ ногі вашыя не спатыкаюцца на горах мораку: тады вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён аберне яго ў цень сьмерці і зробіць цемраю.
- 17
- Калі ж вы не паслухаеце гэтага, дык душа мая ў запаветных мясьцінах будзе аплакваць гардунства ваша, будзе плакаць горка, і вочы мае будуць вылівацца сьлязьмі; бо статак Гасподні заведзены будзе ў палон.
- 18
- Скажы цару і царыцы: упакорцеся, сядзьце ніжэй, бо ўпаў з галавы вашай вянок славы вашай.
- 19
- Паўднёвыя гарады зачынены, і няма каму адчыняць іх; Юда ўвесь заводзіцца ў палон, заводзіцца ў палон увесь цалкам.
- 20
- Узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на тых, што шукаюць з поўначы: дзе статак, які быў дадзены табе, прыгожы статак твой?
- 21
- Што скажаш, дачка Сіёна, калі Ён наведае цябе? Ты сама прывучыла іх начальнічаць над табою, ці ня схопяць цябе болі, як парадзіху?
- 22
- І калі скажаш у сэрцы тваім: "за што спасьцігла мяне гэта?" - За безьліч беззаконьняў тваіх адгорнены прыпол у цябе, аголены пяты твае.
- 23
- Ці можа Эфіоп перамяніць скуру сваю і барс - плямы свае? так і вы ці ж можаце рабіць добрае, прызвычаіўшыся рабіць благое?
- 24
- Таму разьвею іх, як пыл, што разносіцца ветрам пустынным.
- 25
- Вось доля твая, намераная табе Мною частка, кажа Гасподзь, бо ты забылася пра Мяне і паспадзявалася на няпраўду.
- 26
- За тое будзе падняты прыпол твой, каб агалілася сарамата твая.
- 27
- Бачыў Я распусту тваю і шалёныя пахацінствы твае, твае непатрэбствы і твае гідоты на пагорках у полі. Гора табе, Ерусаліме! ты і пасьля гэтага не ачысьцішся. Дакуль жа?
|