1
Так сказаў Гасподзь: сыдзі ў дом цара Юдэйскага і вымаві слова гэта
2
і скажы: выслухай слова Гасподняе, цару Юдэйскі, што сядзіш на троне Давідавым, - ты і слугі твае і народ твой, якія ўваходзяць праз гэтую браму.
3
Так кажа Гасподзь: чынеце суд і праўду і ратуйце скрыўджанага ад рук уціскальніка, ня крыўдзеце і ня ўціскайце прыхадня, сіраты і ўдавы, і нявіннай крыві не пралівайце на месцы гэтым.
4
Бо калі вы будзеце выконваць слова гэтае, дык будзеце ўваходзіць брамаю дома гэтага, цары, што сядзіце замест Давіда на троне ягоным, езьдзіце на калясьніцы і на конях, - самі і слугі іх і народ іхні.
5
А калі не паслухаецеся слоў гэтых, дык Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што дом гэты апусьцее.
6
Бо так кажа Гасподзь дому цара Юдэйскага: Галаад ты ў Мяне, выршыня Лівана; але Я зраблю цябе пустыняю і гарады - няжытлымі.
7
І падрыхтую супроць цябе зьнішчальнікаў, кожнага са сваёй зброяй, - і сьсякуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь.
8
І многія народы будуць праходзіць праз горад гэты і казаць адзін аднаму: "за што Гасподзь так зрабіў з гэтым вялікім горадам?"
9
І скажуць у адказ: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада Бога свайго і пакланяліся іншым божышчам і служылі ім.
10
Ня плачце па памерлым і не шкадуйце яго; а горка плачце па тым, хто ідзе ў палон, бо ён ужо ня вернецца і ня ўбачыць роднай краіны сваёй.
11
Бо так кажа Гасподзь пра Салума, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, які цараваў пасьля бацькі свайго, Ёсіі, і які выйшаў з гэтага месца: ён ужо ня вернецца сюды,
12
а памрэ ў тым месцы, куды завялі яго палоннага, і больш не пабачыць зямлі гэтай.
13
Гора таму, хто будуе дом свой няпраўдаю і сьвяцёлкі свае - беззаконьнем, хто прымушае блізкага свайго працаваць задарма і не аддае яму платы ягонай,
14
хто кажа: збудую сабе дом прасторны і сьвяцёлкі прасторныя, - і прарубае сабе вокны і шалюе кедрам і фарбуе чырвонаю фарбаю.
15
Ці думаеш ты быць царом, бо замкнуў сябе ў кедр? бацька твой еў і піў, але чыніў суд і праўду, і таму яму было добра.
16
Ён разьбіраў справу беднага і ўбогага, і таму яму добра было. Ці ня гэта азначае ведаць Мяне? кажа Гасподзь.
17
Але твае вочы і тваё сэрца скіраваныя толькі на тваю карысьлівасьць і на праліваньне крыві, на тое, каб рабіць уціск і насільле.
18
Таму так кажа Гасподзь пра Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага: ня будуць аплакваць яго: "на жаль, браце мой!" і: "на жаль, сястра!". Ня будуць аплакваць яго: "на жаль, спадару!" і: "на жаль, вашэці!"
19
Асьліным пахаваньнем будзе ён пахаваны: выцягнуць яго і кінуць далёка за брамы Ерусаліма.
20
Падыміся на Ліван і крычы, і на Васане ўзвысь голас твой і крычы з Аварыма, бо зламаныя ўсе сябры твае.
21
Я казаў табе ў час дабрадзенства твайго; але ты сказаў: не паслухаю. Такія былі паводзіны твае з самай тваёй маладосьці, што ты ня слухаў голасу Майго.
22
Усіх пастыраў тваіх зьмяце вецер, і сябры твае пойдуць у палон; - і тады ты будзеш пасаромлены і паганьбаваны за ўсе ліхадзействы твае.
23
Жыхар Лівана, агнездаваны на кедрах! Які нікчэмны будзеш ты, калі спасьцігнуць цябе мукі, як боль жанчыну пры родах!
24
Жыву Я, сказаў Гасподзь: калі б Еханія, сын Ёакімаў, цар Юдэйскі, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, дык і адсюль я сарву цябе
25
і аддам цябе ў рукі шукальнікаў душы тваёй і ў рукі тым, каго ты баішся, у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ў рукі Халдэям,
26
і выкіну цябе і тваю маці, якая нарадзіла цябе, у чужую краіну, дзе вы не радзіліся, і там памраце;
27
а ў зямлю, куды душа іх будзе жадаць вярнуцца, туды ня вернуцца.
28
"Няўжо гэты чалавек, Еханія, ёсьць стварэньне пагарджанае, адкінутае? альбо ён - посуд непатрэбны? за што яны выкінуты - ён і племя ягонае - і кінуты ў краіну, якое ня ведалі?"
29
О, зямля, зямля, зямля! слухай слова Гасподняе.
30
Так кажа Гасподзь: запішэце чалавека гэтага пазбаўленым дзяцей, чалавекам злашчасным у дні свае, бо ніхто ўжо з племя ягонага ня будзе сядзець на троне Давідавым і валадарыць у Юдэі.