- 1
- На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада:
- 2
- так кажа Гасподзь: стань у двары дома Гасподняга і скажы ўсім гарадам Юдэі, якія прыходзяць на пакланеньне ў дом Гасподні, усе тыя словы, якія загадаю табе сказаць ім; не адымі ні слова.
- 3
- Магчыма, яны паслухаюцца і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго, і тады Я адмяню тое бедства, якое думаю навесьці на іх за ліхія дзеі іхнія.
- 4
- І скажы ім: так кажа Гасподзь: калі вы не паслухаецеся Мяне ў тым, каб хадзіць паводле закона Майго, які Я даў вам,
- 5
- каб уважаць словам рабоў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаю да вас, пасылаю з самай раніцы, і якіх вы ня слухаеце, -
- 6
- дык з домам гэтым Я зраблю тое самае, што - зь Сіломам, і горад гэты аддам на праклён усім народам зямлі.
- 7
- Сьвятары і прарокі і ўвесь народ слухалі Ерамію, калі ён гаварыў гэтыя словы ў доме Гасподнім.
- 8
- І калі Ерамія сказаў усё, што Гасподзь загадаў яму сказаць усяму народу, тады схапілі яго сьвятары і прарокі і ўвесь народ - і сказалі: "ты павінен памерці;
- 9
- навошта ты прарочыш імем Госпада і кажаш: і дом гэты будзе - як Сілом, і горад гэты апусьцее, застанецца без жыхароў?" І сабраўся ўвесь народ супроць Ераміі ў доме Гасподнім.
- 10
- Калі пачулі пра гэта князі Юдэйскія, дык прыйшлі з дома цара да дома Гасподняга і селі каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга.
- 11
- Тады сьвятары і прарокі так сказалі князям і ўсяму народу: "сьмяротны вырак - гэтаму чалавеку, бо ён прарочыць супроць горада гэтага, як вы чулі на свае вушы!".
- 12
- І сказаў Ерамія ўсім князям і ўсяму народу: "Гасподзь паслаў мяне прарочыць супроць дома гэтага і супроць горада гэтага ўсе тыя словы, якія вы чулі;
- 13
- дык вось, выправіце дарогі вашыя і паслухайцеся голасу Госпада Бога вашага, і Гасподзь адменіць бедства, якое вырак на вас;
- 14
- а што да мяне, вось, я - у вашых руках; рабеце са мною, што вачам вашым здасца добрым і справядлівым:
- 15
- толькі цьвёрда ведайце, што калі вы ўсьмерціце мяне дык нявінную кроў ускладзяце на сябе і на горад гэты і на жыхароў яго; бо сапраўды Гасподзь паслаў мяне да вас сказаць усе тыя словы ў вашыя вушы".
- 16
- Тады князі і ўвесь народ сказалі сьвятарам і прарокам: гэты чалавек ня мае быць вырачаны на сьмерць, бо ён гаварыў нам імем Госпада Бога нашага.
- 17
- І некаторыя са старэйшын зямлі ўсталі і сказалі ўсяму народнаму сходу:
- 18
- "Міхей Марастыцянін прарочыў у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і сказаў усяму народу Юдэйскаму: так кажа Гасподзь Саваоф: Сіён будзе ўзараны, як поле, і Ерусалім зробіцца грудаю развалінаў, і гара дома гэтага - лясістым пагоркам.
- 19
- Ці ўсьмерцілі яго за гэта Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўвесь Юда? Ці не збаяўся ён Госпада і ці ня ўмольваў Госпада? і Гасподзь адмяніў бедства, якое вырак на іх; а мы хочам зрабіць вялікае ліха душам нашым?
- 20
- Прарочыў таксама імем Госпада нехта Урыя, сын Шэмаіін, з Карыятыярыма, - і прарочыў супроць горада гэтага і супроць зямлі гэтай якраз такімі словамі, як Ерамія.
- 21
- Калі пачуў ягоныя словы цар Ёакім, і ўсе вяльможы ягоныя і ўсе князі, дык цар спрабаваў забіць яго. Пачуўшы пра гэта, Урыя збаяўся і ўцёк, і сышоў у Егіпет.
- 22
- Але цар Ёакім і ў Егіпет паслаў людзей: Элнатана, сына Ахборавага, і іншых зь ім.
- 23
- І вывелі Урыю зь Егіпта і прывялі яго да цара Ёакіма, і ён забіў яго мечам і кінуў труп ягоны, дзе былі могілкі простага люду".
- 24
- Але рука Ахікіма, сына Саванавага, была за Ерамію, каб не аддаваць яго ў рукі народа на забойства.
|