1
І пачулі Сафатыя, сын Матанаў, і Гадолія, сын Пасхораў, і Юхал, сын Сэлэміін, і Пасхор, сын Малхіін, словы, якія Ерамія прамовіў да ўсяго люду, кажучы:
2
так кажа Гасподзь: хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасьці з паморкам; а хто выйдзе да Халдэяў, будзе жывы, і душа яму будзе замест здабычы, і ён застанецца жывы.
3
Так кажа Гасподзь: мусова будзе аддадзены горад гэты ў рукі войска цара Вавілонскага, і ён возьме яго.
4
Тады князі сказалі цару: "хай будзе гэты чалавек аддадзены сьмерці, бо ён аслабляе рукі воінам, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяму народу, кажучы ім такія словы; бо гэты чалавек не дабрадзенства зычыць народу гэтаму, а бедства",
5
і сказаў цар Сэдэкія: "вось, ён у вашых руках, бо цар нічога ня можа рабіць насуперак вам".
6
Тады ўзялі Ерамію і ўкінулі яго ў яму Малхіі, сына царовага, якая была ў двары варты, і апусьцілі Ерамію на вяроўках; у яме той ня было вады, а толькі гразь, і апусьцілі Ерамію ў гразь.
7
І пачуў Аўдэмэлэх Эфіоп, адзін зь еўнухаў, што былі ў царскім доме, што Ерамію пасадзілі ў яму; а цар сядзеў тады каля брамы Веньямінавай.
8
І выйшаў Аўдэмэлэх з дому царскага і сказаў цару:
9
"спадару мой цар! блага зрабілі гэтыя людзі, такое ўчыніўшы зь Ераміем прарокам, якога ўкінулі ў яму; ён памрэ там з голаду, бо няма болей хлеба ў горадзе".
10
Цар загадаў Аўдэмэлэху Эфіопу, сказаўшы: "вазьмі з сабою адгэтуль трыццаць чалавек і выцягні Ерамію прарока зь ямы, пакуль ён не памёр".
11
Аўдэмэлэх узяў людзей з сабою і ўвайшоў у дом царскі пад кладоўкаю, і ўзяў адтуль старога нягоднага рызьзя і старых нягодных лахманоў і апусьціў іх на вяроўках у яму Ерамію.
12
І сказаў Аўдэмэлэх Эфіоп Ерамію: "падкладзі гэтыя старыя кінутыя анучы і лахманы пад пахі рук тваіх, пад вяроўкі". І зрабіў так Ерамія.
13
І пацягнулі Ерамію на вяроўках і выцягнулі яго зь ямы; і заставаўся Ерамія ў двары варты.
14
Тады цар Сэдэкія паслаў і паклікаў Ерамію прарока да сябе, пры трэцім уваходзе ў дом Гасподні, і сказаў цар Ерамію: "я ў цябе нешта спытаюся; ня ўтойвай ад мяне нічога".
15
І сказаў Ерамія Сэдэкію: "калі я адкрыю табе, ці не аддасі мяне сьмерці? і калі дам табе параду, ты не паслухаешся мяне".
16
І прысягаўся цар Сэдэкія Ерамію таемна, кажучы: "жывы Гасподзь, Які стварыў нам душу гэтую, не аддам цябе сьмерці і не аддам у рукі гэтых людзей, якія шукаюць душы тваёй".
17
Тады Ерамія сказаў Сэдэкію: "так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: калі ты выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык жывая будзе душа твая, і гэты горад ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жывы, і дом твой;
18
а калі ня выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык гэты горад будзе выдадзены ў рукі Халдэям, і яны спаляць яго агнём, і ты не ўцячэш ад рук іхніх".
19
І сказаў цар Сэдэкія Ерамію: "я баюся Юдэяў, якія перайшлі да Халдэяў, каб Халдэі ня выдалі мяне ў рукі ім, і каб тыя не паглуміліся зь мяне".
20
І сказаў Ерамія: "ня выдадуць; паслухай голасу Госпада ў тым, што я кажу табе, і добра табе будзе, і жывая будзе душа твая.
21
А калі ты не захочаш выйсьці, дык вось слова, якое адкрыў мне Гасподзь:
22
вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юдэйскага, заведзены будуць да князёў цара Вавілонскага, і скажуць яны: "цябе змусьцілі і адолелі сябры твае; ногі твае загразьлі ў брудзе, і яны адышлі ад цябе", -
23
і ўсіх жонак тваіх і дзяцей тваіх завядуць да Халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, а будзеш узяты рукою цара Вавілонскага і зробіш тое, што горад гэты будзе спалены агнём.
24
І сказаў Сэдэкія Ерамію: "ніхто не павінен ведаць гэтых словаў і тады ты не памрэш;
25
і калі пачуюць князі, што я гутарыў з табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: "скажы нам, што казаў ты цару, ня ўтойвай ад нас і мы не дамо цябе сьмерці, - а таксама што казаў табе цар",
26
дык скажы ім: я склаў перад абліччам цара прашэньне маё, каб не вяртаць мяне ў дом Ёнатанаў, каб не памерці там".
27
І прыйшлі ўсе князі да Ераміі і пыталіся ў яго, і ён сказаў ім згодна з усімі словамі, якія цар загадаў сказаць, і яны моўчкі пакінулі яго, бо не даведаліся, што было сказана цару.
28
І заставаўся Ерамія ў двары варты да таго дня, у які быў узяты Ерусалім. І Ерусалім быў узяты.