- 1
- Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,
- 2
- а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:
- 3
- яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;
- 4
- і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;
- 5
- а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.
- 6
- Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.
- 7
- І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.
- 8
- Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, - зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;
- 9
- Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.
- 10
- Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
- 11
- Я - Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;
- 12
- а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;
- 13
- а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.
- 14
- Я - Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:
- 15
- як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
- 16
- Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.
- 17
- За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;
- 18
- ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: мбю ўладу аддаць яго і ўладу мбю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.
- 19
- Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.
- 20
- Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?
- 21
- Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?
- 22
- А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.
- 23
- І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.
- 24
- Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.
- 25
- Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;
- 26
- але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
- 27
- авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
- 28
- і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;
- 29
- Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
- 30
- Я і Айцец - адно.
- 31
- Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.
- 32
- Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
- 33
- Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.
- 34
- Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: "Я сказаў: вы багі"?
- 35
- Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, -
- 36
- ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце "блюзьнерыш", бо Я сказаў: Я Сын Божы?
- 37
- калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;
- 38
- а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
- 39
- Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,
- 40
- і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
- 41
- Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.
- 42
- І многія там уверавалі ў Яго.
|