- 1
- Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
- 2
- І падчас вячэры, калі д'ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
- 3
- Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
- 4
- устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
- 5
- потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
- 6
- Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
- 7
- Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
- 8
- Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
- 9
- Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
- 10
- Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
- 11
- Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: "ня ўсе вы чыстыя".
- 12
- А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
- 13
- Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
- 14
- Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
- 15
- бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
- 16
- Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
- 17
- Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
- 18
- Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: "той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю".
- 19
- Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
- 20
- Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
- 21
- Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
- 22
- Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
- 23
- А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
- 24
- яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
- 25
- Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
- 26
- Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
- 27
- І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
- 28
- Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
- 29
- А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
- 30
- Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
- 31
- Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
- 32
- калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
- 33
- Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
- 34
- Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
- 35
- Па тым пазнбюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
- 36
- Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
- 37
- Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
- 38
- Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
|