1
Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся:
2
прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.
3
Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне.
4
Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі.
5
А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
6
Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша.
7
Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас,
8
і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе.
9
У грэху, - што ня вераць у Мяне;
10
у праўдзе, - што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне;
11
а ў судзе, - што князь сьвету гэтага асуджаны.
12
Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць.
13
Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам;
14
Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам.
15
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
16
Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо я іду да Айца.
17
Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: "неўзабаве ня ўбачыце Мяне", і зноў "неўзабаве ўбачыце Мяне", і: "Я іду да Айца"?
18
І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: "неўзабаве"? ня ведаем, што кажа.
19
Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: "неўзабаве ня ўбачыце Мяне"?
20
Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца.
21
Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
22
Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
23
І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.
24
Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.
25
Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца.
26
У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
27
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога.
28
Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
29
Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай;
30
цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў.
31
Ісус адказваў ім: цяпер веруеце?
32
вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною.
33
Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.