1
І адказваў Ёў і сказаў;
2
а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць!
3
І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага.
4
Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам - чалавек праведны, беспахібны.
5
Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца.
6
Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх.
7
А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, - у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе;
8
альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія.
9
Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта.
10
У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці.
11
Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы?
12
У старцах - мудрасьць, і ў даўгавечных - розум.
13
У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум.
14
Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца.
15
Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю.
16
У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду.
17
Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі.
18
Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім;
19
князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных;
20
адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду;
21
пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе;
22
адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны;
23
памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх;
24
адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі;
25
вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п'яныя.