- 1
- Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною.
- 2
- Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае.
- 3
- Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне?
- 4
- Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім.
- 5
- Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць.
- 6
- Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народа і пасьмешышчам у яго.
- 7
- Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень.
- 8
- Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка.
- 9
- Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца.
- 10
- Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас.
- 11
- Дні мае прайшлі; думы мае - здабытак сэрца майго - разьбітыя.
- 12
- А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры.
- 13
- Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю;
- 14
- магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая.
- 15
- Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць?
- 16
- У апраметную сыдзе яна і будзе спачываць са мною ў пыле.
|