- 1
- І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў:
- 2
- калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.
- 3
- Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?
- 4
- О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?
- 5
- Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.
- 6
- Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.
- 7
- Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,
- 8
- бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.
- 9
- Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.
- 10
- Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.
- 11
- З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.
- 12
- Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.
- 13
- Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.
- 14
- Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.
- 15
- Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
- 16
- Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.
- 17
- Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.
- 18
- Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.
- 19
- Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.
- 20
- Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.
- 21
- Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.
|