1
І адказваў Ёў і сказаў:
2
дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі?
3
Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне.
4
Калі я і сапраўды зграшыў, дык грэх мой пры мне застаецца.
5
Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца над мною і ўпікнуць мяне ганьбаю маёю,
6
дык ведайце, што Бог скінуў мяне і абклаў мяне Сваёю сеткаю.
7
Вось, я крычу: крыўда! і ніхто ня слухае; енчу, і няма суду.
8
Ён заступіў мне дарогу, і не магу прайсьці, і сьцежкі мае зацемрыў.
9
Зьняў зь мяне славу маю і зьняў вянок з галавы маёй.
10
Зусім спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, Ён вырваў надзею маю.
11
Запалаў на мяне гневам Сваім і лічыць мяне сярод ворагаў Сваіх.
12
Палкі Ягоныя прыйшлі разам і скіравалі дарогу сваю да мяне і разьмясьціліся вакол намёта майго.
13
Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне.
14
Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне.
15
Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх.
16
Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго.
17
Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго.
18
Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне.
19
Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне.
20
Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх.
21
Умілажальцеся зь мяне вы, сябры мае, - бо рука Божая кранулася мяне.
22
Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца?
23
О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе
24
разцом жалезным з волавам, - на вечныя часы на камені выразаны былі!
25
Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана,
26
і з плоці маёй я ўбачу Бога.
27
Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго. Растае сэрца маё ў грудзях маіх!
28
Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне.
29
Збойцеся меча, бо меч ёсьць помсьнік няпраўды, і ведайце, што ёсьць суд.