- 1
- І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.
- 2
- Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.
- 3
- Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны - да краёў.
- 4
- За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.
- 5
- Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.
- 6
- Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.
- 7
- Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.
- 8
- Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.
- 9
- З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы - сьцюжа.
- 10
- Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.
- 11
- Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,
- 12
- і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.
- 13
- Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.
- 14
- Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.
- 15
- Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?
- 16
- Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?
- 17
- Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?
- 18
- Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?
- 19
- Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.
- 20
- Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?
- 21
- Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.
- 22
- Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.
- 23
- Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.
- 24
- Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!
|