- 1
- Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:
- 2
- хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?
- 3
- Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:
- 4
- дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.
- 5
- Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?
- 6
- На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,
- 7
- пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?
- 8
- Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,
- 9
- калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,
- 10
- і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,
- 11
- і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?
- 12
- Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,
- 13
- каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,
- 14
- каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,
- 15
- і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?
- 16
- Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?
- 17
- Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?
- 18
- Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?
- 19
- Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?
- 20
- Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.
- 21
- Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.
- 22
- Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,
- 23
- якія сьцерагу я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?
- 24
- Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі?
- 25
- Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы,
- 26
- каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека,
- 27
- каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту?
- 28
- Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы?
- 29
- З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, - хто родзіць яго?
- 30
- Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае.
- 31
- Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль?
- 32
- Ці можаш ты выводзіць сузорэі ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі?
- 33
- Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі?
- 34
- Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе?
- 35
- Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы?
- 36
- Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму?
- 37
- Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба,
- 38
- калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца?
- 39
- Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят,
- 40
- калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе?
- 41
- Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся безь ежы?
|