- 1
- І адказваў Гасподзь Ёву з буры і сказаў:
- 2
- аперажы, як мужчына, сьцёгны свае: Я буду пытацца ў цябе, а ты адказвай Мне.
- 3
- Ты хочаш скінуць суд Мой, зьвінаваціць Мяне, каб апраўдацца?
- 4
- Ці такая ў цябе сіла, як у Бога? І ці можаш загрымець голасам, як Ён?
- 5
- Упрыгож сябе велічнасьцю і славаю, апраніся ў бляск і велікапышнасьць;
- 6
- вылі лютасьць гневу твайго, паглядзі на ўсё ганарлівае і ўпакоры яго;
- 7
- зірні на ўсіх напышлівых і прынізі іх, і зьнішчы бязбожных на месцах іхніх;
- 8
- закапай іх усіх у зямлю і твары іхнія накрый цемраю.
- 9
- Тады і Я прызнаю, што правіца твая можа цябе ратаваць.
- 10
- Вось бегемот, якога Я стварыў, як і цябе; ён есьць траву, як вол;
- 11
- вось, яго сіла ў сьцёгнах ягоных і моц ягоная ў мускулах чэрава ягонага;
- 12
- паварочвае хвастом сваім, як кедрам; а жылы на клубах яго пераплеценыя;
- 13
- ногі ў яго, як медныя трубы; косткі ў яго, як жалезныя пруткі;
- 14
- гэта - верх шляхоў Божых: толькі Творца яго можа наблізіць да яго меч Свой;
- 15
- горы прыносяць яму ежу, і там усе зьвяры польныя гуляюць;
- 16
- ён кладзецца пад зацішнымі дрэвамі, пад дахам трысьнягу і ў балотах;
- 17
- зацішныя дрэвы пакрываюць яго сваім ценем; вербы каля ручаёў абступаюць яго;
- 18
- вось, ён п'е з рукі і не сьпяшаецца; застаецца спакойны, хоць бы Ярдан памкнуўся да вуснаў ягоных.
- 19
- Ці возьме хто яго ў вачах ягоных і ці праколе яму нос бусаком?
- 20
- Ці можаш ты вудаю выцягнуць левіятана і вяроўкаю схапіць за язык ягоны?
- 21
- ці ўкладзеш колца ў ноздры яго? ці праколеш іголкаю сківіцу ягоную?
- 22
- ці будзе ён доўга ўпрошваць цябе і ці будзе гаварыць з табою коратка?
- 23
- ці зробіць ён дагавор з табою, і ці возьмеш яго сабе назаўсёды ў рабы?
- 24
- ці будзеш бавіцца ім, як птушкаю, і ці зьвяжаш яго як дзяўчатак тваіх?
- 25
- ці будуць прадаваць яго таварышы па лоўлі, ці падзеляць яго паміж Хананэйскімі купцамі?
- 26
- ці можаш прапароць скуру яго дзідаю і галаву ягоную рыбацкаю астрогаю?
- 27
- Кладзі на яго руку тваю і памятай пра барацьбу; больш ня будзеш.
|