- 1
- Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага?
- 2
- Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам?
- 3
- Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё.
- 4
- Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх.
- 5
- Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?
- 6
- Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных - жудасьць;
- 7
- моцныя шчыты яго - цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю;
- 8
- адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі;
- 9
- адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца.
- 10
- Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары;
- 11
- з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры;
- 12
- з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла.
- 13
- Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя.
- 14
- На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах.
- 15
- Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца.
- 16
- Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон.
- 17
- Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху.
- 18
- Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні капэё, ні дзіда, ні латы.
- 19
- Жалеза ён мае за салому, медзь - за гнілое дрэва.
- 20
- Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі.
- 21
- Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца.
- 22
- Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі.
- 23
- Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь;
- 24
- пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай.
- 25
- Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным;
- 26
- на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.
|