- 1
- І адказваў Ёў і сказаў:
- 2
- о, калі б правільна былі ўзважаныя мае енкі, і разам зь імі паклалі на шалі пакуту маю!
- 3
- Яна пэўна пераважыла б пясок марскі! Таму словы мае палкія.
- 4
- Бо стрэлы Ўсемагутнага ўва мне; яд іх п'е дух мой; жудасьці Божыя паўсталі супроць мяне.
- 5
- Ці раве дзікі асёл на траве? ці рыкае бык каля мяшанкі сваёй?
- 6
- Ці нясмачнае ядуць без солі, і ці ёсьць смак у яечным бялку?
- 7
- Да чаго не хацела дакрануцца душа мая, тое і ёсьць агідная ежа мая.
- 8
- О, калі б збылося жаданьне маё, і спадзяваньне маё спраўдзіў Бог!
- 9
- О, калі б узычыў Бог зламаць мяне, працягнуў руку і пабіў мяне!
- 10
- Гэта было б яшчэ радасьцю мне, і я мацаваўся б у маёй бязьлітаснай хваробе, бо я ня зрокся словаў Сьвятога.
- 11
- Якая сіла ў мяне, каб спадзявацца мне? і які канец, каб доўжыць мне жыцьцё маё?
- 12
- Ці цьвёрдасьць камянёў - цьвёрдасьць мая? ці медзь - плоць мая?
- 13
- Ці ёсьць ува мне дапамога мне, і ці ёсьць мне якая апора?
- 14
- спрагненаму павінна быць спагада сябра ягонага, калі толькі ён не адкінуў страху прад Усеўладным.
- 15
- Але браты мае няверныя, як паток, як хуткаплынныя ручаі,
- 16
- якія чорныя ад лёду і ў якіх зьнікае сьнег.
- 17
- Калі робіцца цёпла, яны ападаюць, а ў сьпёку зьнікаюць зь месцаў сваіх.
- 18
- Ухіляюць яны кірунак шляхоў сваіх, заходзяць у пустыню і чэзнуць;
- 19
- глядзяць на іх дарогі Тэмайскія, спадзяюцца на іх шляхі Савэйскія,
- 20
- але застаюцца пасаромленыя ў сваёй надзеі: прыходзяць туды і ад сораму чырванеюць.
- 21
- Так і вы цяпер нішто: убачылі страшнае і спалохаліся.
- 22
- Ці не казаў я: дайце мне, і ад дастатку вашага заплаціце за мяне;
- 23
- і выбаўце мяне ад рукі ворага, і ад рукі катаў выкупіце мяне?
- 24
- Навучэце мяне, і я замоўкну; пакажэце, у чым я зграшыў.
- 25
- Якія моцныя словы праўды! Але што даказваюць выкрываньні вашыя?
- 26
- Вы прыдумваеце казані дзеля выкрыцьця? На вецер пускаеце словы вашыя.
- 27
- Вы нападаеце на сірату і капаеце яму сябру вашаму.
- 28
- Але прашу вас, зірнеце на мяне; ці ж буду я казаць няпраўду перад абліччам вашым?
- 29
- Перагледзьце, ці ёсьць няпраўда? перагледзьце, - праўда мая.
- 30
- Ці ёсьць на языку маім няпраўда? Няўжо горла маё ня можа адрозьніць горычы?
|