- 1
- І адказваў Ёў і сказаў:
- 2
- праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
- 3
- Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
- 4
- Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
- 5
- Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
- 6
- зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
- 7
- скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
- 8
- Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
- 9
- стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
- 10
- робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!
- 11
- Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
- 12
- Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
- 13
- Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
- 14
- Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
- 15
- Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
- 16
- Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
- 17
- Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
- 18
- не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
- 19
- Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
- 20
- Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
- 21
- Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
- 22
- Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
- 23
- Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
- 24
- Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
- 25
- Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра,
- 26
- імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
- 27
- Калі сказаць мне: "забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся",
- 28
- дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
- 29
- Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
- 30
- Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
- 31
- дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
- 32
- Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
- 33
- Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
- 34
- Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, -
- 35
- і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.
|