1
І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:
2
"устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне".
3
І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
4
Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.
5
І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
6
І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: "чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем".
7
І сказалі адзін аднаму: "хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда". І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.
8
Тады сказалі яму: "скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?"
9
І ён сказаў ім: "я - Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу".
10
І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: "дзеля чаго ты гэта зрабіў", бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.
11
І сказалі яму: "што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?", бо мора не пераставала хвалявацца.
12
Тады ён сказаў ім: "вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, - і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура".
13
Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.
14
Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: "молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!"
15
І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.
16
І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.