1
І сабраў Ісус усе плямёны Ізраілевыя ў Сіхем і склікаў старэйшынаў Ізраіля і правадыроў яго, і судзьдзяў яго і наглядчыкаў яго, і сталі перад Богам.
2
І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: "за ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.
3
Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з-за ракі і вадзіў яго па ўсёй зямлі Ханаанскай, і памножыў семя ягонае і даў яму Ісаака.
4
Ісааку даў Якава і Ісава. Ісаву даў Я гару Сэір у спадчыну; а Якаў і сыны ягоныя перайшлі ў Егіпет.
5
І паслаў Я Майсея і Аарона і пакараў Егіпет пошасьцямі, якія ўчыніў Я сярод яго, і потым вывеў вас.
6
Я вывеў бацькоў вашых зь Егіпта, і вы прыйшлі да мора. Тады Егіпцяне гналіся за бацькамі вашымі з калясьніцамі і вершнікамі да Чэрмнага мора.
7
Але яны заенчылі да Госпада, і Ён паклаў цемру паміж вамі і Егіпцянамі і навёў на іх мора, якое іх і накрыла. Вочы вашыя бачылі, што Я зрабіў у Егіпце. Многа часу прабылі вы ў пустыні.
8
І прывёў Я вас да зямлі Амарэяў, якія жылі за Ярданам; яны ўступілі ў бітву з вамі, але Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, і Я вынішчыў іх перад вамі.
9
Паўстаў Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, і пайшоў вайною на Ізраіля, паслаў і паклікаў Валаама, сына Вэоравага, каб ён пракляў вас;
10
але Я не хацеў слухаць Валаама, - і ён не дабраславіў вас, і Я выбавіў вас з рук ягоных.
11
Вы перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ерыхона. І пачалі ваяваць з вамі жыхары Ерыхона, Амарэі і Фэрэзэі, і Хананэі і Хэтэі, і Гергесэі і Эвэі і Евусэі, але Я аддаў іх у вашыя рукі.
12
Я паслаў перад вамі шаршнёў, якія прагналі іх ад вас, двух цароў Амарэйскіх, ня мечам тваім і ня лукам тваім зроблена гэта.
13
І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.
14
Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.
15
Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.
16
І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!
17
Бо Гасподзь - Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.
18
Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён - Бог наш.
19
Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.
20
Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.
21
І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.
22
Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада - служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.
23
Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.
24
Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.
25
І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.
26
І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і ўзяў вялікі камень і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.
27
І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.
28
І адпусьціў Ісус народ, кожнага ў свой надзел.
29
Пасьля гэтага памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, было яму сто дзесяць гадоў.
30
І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша.
31
І служыў Ізраіль Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса, і якія бачылі ўсе дзеі Госпада, якія Ён учыніў Ізраілю.
32
І косьці Язэпа, якія вынесьлі сыны Ізраіля зь Егіпта, пахавалі ў Сіхеме, на дзялянцы поля, якое купіў Якаў у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага за сто манет і якое дасталася ў надзел сынам Язэпавым.
33
Памёр і Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на пагорку Фінээса, сына ягонага, які дадзены яму на гары Яфрэмавай.