- 1
- І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.
- 2
- Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць;
- 3
- У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол;
- 4
- напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь.
- 5
- Гасподзь зрабіўся - як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач.
- 6
- І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара,
- 7
- Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята.
- 8
- Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны.
- 9
- Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закона, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада.
- 10
- Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія.
- 11
- Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада.
- 12
- Сваім мацеркам кажуць яны: "дзе хлеб і віно?" паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок.
- 13
- Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць?
- 14
- Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і зьвеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня.
- 15
- Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: "ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?"
- 16
- Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: "праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!"
- 17
- Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў.
- 18
- Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх.
- 19
- Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц.
- 20
- "Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока?
- 21
- Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці".
- 22
- Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў.
|