1
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы ім:
2
скажэце сынам Ізраілевым: вось жывёлы, якіх можна вам есьці з усяго быдла на зямлі:
3
усякае быдла, у якога расшчэпленыя капыты і на капытах глыбокі разрэз, і якое жуе жуйку, ежце;
4
толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты: вярблюда, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам;
5
і тушканчыка, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам;
6
і зайца, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам;
7
і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя і на капытах разрэз глыбокі, але яна ня жуе жуйкі, нячыстая яна вам;
8
мяса іх ня ежце і да трупаў іх не дакранайцеся, нячыстыя яны вам.
9
З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце гэтых: у якіх ёсьць перэе і луска ў вадзе, ці ў морах, ці ў рэках, тых ежце;
10
а ўсе тыя, у якіх няма перэя і лускі, ці ў морах, ці ў рэках, з усіх, што плаваюць у водах і з усяго, што жыве ў водах, паганыя вам;
11
яны павінны быць паганыя вам: мяса іх ня ежце і трупамі іх грэбуйце;
12
усе жывёлы, у якіх няма перэя і лускі ў вадзе, паганыя вам.
13
А з птушак грэбуйце гэтымі: арлом, грыфам і марскім арлом,
14
шуляком і сокалам з пародаю ягонай,
15
любым груганом з пародай ягонай,
16
страўсам, савою, чайкай і каршуном з пародаю ягонай,
17
пугачом, рыбаловам і ібісам,
18
лебедзем, пеліканам і сычом,
19
чапляй, сойкай зь яе пародаю, удодам і кажаном;
20
усе жывёлы паўзуны, крылатыя, якія ходзяць на чатырох нагах, паганыя вам;
21
з усіх паўзуноў, крылатых, якія ходзяць на чатырох нагах, тых толькі ежце, у якіх ёсьць галені вышэй ног, каб скакаць імі па зямлі:
22
гэтых ежце зь іх: шаранчу зь яе пародаю, казельчыкаў зь іх пародаю, хрушчоў з пародаю іхняю;
23
любыя іншыя паўзуны, крылатае, у якога чатыры нагі, паганае вам;
24
ад іх вы будзеце нячыстыя: кожны, хто дакранецца да трупа іхняга, нячысты будзе да вечара;
25
і кожны, хто возьме труп іхні, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара.
26
Усякае быдла, у якога капыты расшчэпленыя, але няма глыбокага разрэзу, і якое ня жуе жуйкі, нячыстае вам: кожны, хто дакранаецца да яго, будзе нячысты:
27
з усіх зьвяроў чатырногаў тыя, якія ходзяць на лапах, нячыстыя вам: кожны, хто дакранецца да трупа іхняга, нячысты будзе да вечара;
28
хто возьме труп іх, той павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара: нячыстыя яны вам.
29
Вось, што нячыстае вам з жывёлаў, што поўзаюць па зямлі: крот, мыш, яшчарка зь яе пародаю,
30
тхор, хамелеон, ласка, сьлімак і жаба, -
31
гэтыя нячыстыя вам з усіх паўзуноў: кожны, хто дакранецца да іх мёртвых, нячысты будзе да вечара.
32
І ўсё, на што ўпадзе што-небудзь зь іх мёртвае, любы драўняны посуд, альбо вопратка, альбо скура, альбо мяшок, і любая рэч, якая ўжываецца ў карыстаньне, будуць нячыстыя: у ваду трэба пакласьці іх, і нячыстыя будуць да вечара, потым будуць чыстыя;
33
калі ж якое-небудзь зь іх упадзе ў які-небудзь гліняны посуд, дык тое, што ў ім, будзе нячыстае, і сам посуд разьбеце.
34
Усякая ежа, якую ядуць і на якой была вада з такога посуду, нячыстая будзе, і ўсякае пітво, якое пэюць, у любым такім посудзе нячыстае будзе.
35
Усё, на што ўпадзе што-небудзь ад трупа іхняга, нячыстае будзе: печ і агмень трэба паламаць, яны нячыстыя; і яны павінны быць нячыстыя вам;
36
толькі крыніца і калодзеж з вадою застаюцца чыстыя; а хто дакранецца да трупа іхняга, той нячысты.
37
І калі што-небудзь ад трупа іхняга ўпадзе на якое-небудзь насеньне, якое сеюць, дык яно чыстае;
38
а калі тады, калі вада налітая на насеньне, упадзе на яго што-небудзь ад трупа іхняга, дык яно нячыстае вам.
39
І калі памрэ якое-небудзь быдла, якое ўжываецца вамі ў ежу, дык той, хто дакрануўся да трупа яго, нячысты будзе да вечара:
40
і той, хто будзе есьці падла яго, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара; і той, хто панясе труп ягоны, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара.
41
Усякая жывёла, якая поўзае па зямлі, паганая вам, ня трэба есьці яе;
42
усяго, што поўзае на чэраве, і ўсяго, што ходзіць на чатырох нагах, і мнаганожак з жывёлаў, што поўзаюць па зямлі, ня ежце, бо яны паганыя;
43
не апаганьвайце душаў вашых якім-небудзь жывёльным паўзуном і не рабеце сябе празь іх нячыстымі, каб быць празь іх нячыстымі,
44
бо Я - Гасподзь, Бог ваш; асьвячайцеся і будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты; і не апаганьвайце душаў вашых якой-небудзь жывёлай, што поўзае па зямлі,
45
бо Я - Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам; дык вось, будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты.
46
Вось закон пра быдла, пра птушак, пра ўсіх жывёлаў, што жывуць у водах, і пра ўсіх жывёлаў, што поўзаюць па зямлі,
47
каб адрозьніваць нячыстае ад чыстага, і жывёлаў, якіх можна есьці, ад жывёлаў, якіх есьці ня трэба.