- 1
- Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
- 2
- як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, -
- 3
- дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,
- 4
- каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
- 5
- У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае ілізабэта.
- 6
- Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
- 7
- У іх ня было дзяцей, бо ілізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
- 8
- Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
- 9
- па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
- 10
- а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, -
- 11
- тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
- 12
- і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
- 13
- Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
- 14
- і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
- 15
- бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
- 16
- і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
- 17
- і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
- 18
- І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
- 19
- Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
- 20
- і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
- 21
- Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
- 22
- А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
- 23
- А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
- 24
- Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
- 25
- так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
- 26
- А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
- 27
- да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
- 28
- Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
- 29
- А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
- 30
- І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
- 31
- і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
- 32
- Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
- 33
- і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
- 34
- А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
- 35
- Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
- 36
- вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
- 37
- бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
- 38
- Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
- 39
- І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
- 40
- і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту.
- 41
- Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым,
- 42
- і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!
- 43
- І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
- 44
- Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
- 45
- і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
- 46
- І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
- 47
- і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
- 48
- што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
- 49
- бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,
- 50
- і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
- 51
- зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;
- 52
- скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;
- 53
- галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;
- 54
- прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;
- 55
- як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.
- 56
- А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
- 57
- А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
- 58
- І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
- 59
- На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
- 60
- На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
- 61
- І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
- 62
- І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
- 63
- Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
- 64
- І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
- 65
- І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
- 66
- Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
- 67
- І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
- 68
- Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
- 69
- і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,
- 70
- як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
- 71
- што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
- 72
- учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,
- 73
- прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
- 74
- каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,
- 75
- мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.
- 76
- А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму,
- 77
- каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,
- 78
- праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,
- 79
- прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.
- 80
- А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.
|