1
Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.
2
Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.
3
Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.
4
Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;
5
а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.
6
Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.
7
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.
8
Маўляю ж вам: кожнага, хто вызна Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;
9
а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.
10
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.
11
А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;
12
бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.
13
Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну,
14
А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?
15
Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці.
16
І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;
17
і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.
18
І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
19
І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся.
20
Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?
21
Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.
22
І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца:
23
душа большая за ежу, і цела - за вопратку.
24
Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?
25
Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
26
Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе?
27
Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх.
28
А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы.
29
Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся,
30
бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
31
а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.
32
Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
33
Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
34
бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
35
Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
36
і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
37
Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
38
І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
39
Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
40
будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
41
Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?
42
Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
43
Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:
44
праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
45
А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: "ня скора прыйдзе гаспадар мой", і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,
46
дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.
47
А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;
48
а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
49
Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
50
Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
51
Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
52
бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
53
бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
54
Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
55
і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
56
Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
57
Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
58
Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.
59
маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.