- 1
- Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;
- 2
- і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.
- 3
- З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?
- 4
- Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.
- 5
- Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?
- 6
- І не маглі запярэчыць яму на гэта.
- 7
- А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:
- 8
- калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,
- 9
- і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: "саступі яму месца"; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
- 10
- А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: "дружа! перасядзь вышэй"; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:
- 11
- бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
- 12
- Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы.
- 13
- Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
- 14
- і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных.
- 15
- Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з'есьць хлеба ў Царстве Божым!
- 16
- А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;
- 17
- і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова.
- 18
- І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.
- 19
- Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
- 20
- Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці.
- 21
- І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых.
- 22
- І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца.
- 23
- Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
- 24
- бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
- 25
- Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:
- 26
- калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;
- 27
- і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
- 28
- Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,
- 29
- каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,
- 30
- кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?
- 31
- Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?
- 32
- інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру.
- 33
- Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
- 34
- Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?
- 35
- ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
|