1
У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі
2
і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?
3
Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:
4
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?
5
А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: "чаму ж вы не паверылі яму?",
6
а калі скажам: "ад людзей", дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.
7
І адказвалі: ня ведаем адкуль.
8
Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
9
І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;
10
і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
11
Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.
12
І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.
13
Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.
14
Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб'ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.
15
І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?
16
Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!
17
Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: "камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім"?
18
Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
19
І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20
І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.
21
І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;
22
ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?
23
А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24
пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.
25
Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.
26
І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.
27
Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:
28
Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.
29
Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;
30
узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;
31
узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;
32
пасьля ўсіх памерла і жонка.
33
Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.
34
Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;
35
а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,
36
і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;
37
а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.
38
Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.
39
На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
40
І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:
41
як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
42
А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: "сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,
43
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх".
44
Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?
45
І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
46
Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,
47
якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.