- 1
- Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум.
- 2
- У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
- 3
- Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў - прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
- 4
- І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,
- 5
- бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.
- 6
- Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
- 7
- таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;
- 8
- бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: "ідзі", і ідзе; і другому: "прыйдзі", і прыходзіць; і слузе майму: "зрабі тое", і робіць.
- 9
- Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
- 10
- Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.
- 11
- Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.
- 12
- Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.
- 13
- Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.
- 14
- І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.
- 15
- Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
- 16
- І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.
- 17
- Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.
- 18
- І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое.
- 19
- Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
- 20
- Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?
- 21
- А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок.
- 22
- І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце;
- 23
- і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне.
- 24
- І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
- 25
- што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх.
- 26
- Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока.
- 27
- Гэта той, пра якога напісана: "вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".
- 28
- Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго.
- 29
- І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым;
- 30
- а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.
- 31
- Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
- 32
- яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
- 33
- Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е; і кажаце: "у ім дэман".
- 34
- Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажаце: "вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".
- 35
- І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.
- 36
- Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
- 37
- І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;
- 38
- і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.
- 39
- Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
- 40
- Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.
- 41
- Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
- 42
- але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?
- 43
- Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.
- 44
- І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.
- 45
- Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.
- 46
- Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.
- 47
- А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.
- 48
- А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.
- 49
- І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?
- 50
- А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
|