- 1
- І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
- 2
- і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
- 3
- і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
- 4
- і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
- 5
- а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
- 6
- Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.
- 7
- Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
- 8
- другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
- 9
- І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
- 10
- Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
- 11
- Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.
- 12
- А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.
- 13
- Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.
- 14
- Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
- 15
- І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
- 16
- А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.
- 17
- І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.
- 18
- Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
- 19
- Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя - за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
- 20
- А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
- 21
- Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,
- 22
- сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
- 23
- А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;
- 24
- бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,
- 25
- бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?
- 26
- бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.
- 27
- Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.
- 28
- Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.
- 29
- І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.
- 30
- І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:
- 31
- зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.
- 32
- Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.
- 33
- І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, - ня ведаючы, што казаў.
- 34
- Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
- 35
- І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
- 36
- Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
- 37
- А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.
- 38
- Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:
- 39
- яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;
- 40
- я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.
- 41
- А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.
- 42
- І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.
- 43
- І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
- 44
- пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.
- 45
- Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
- 46
- І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?
- 47
- А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
- 48
- і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.
- 49
- Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
- 50
- Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.
- 51
- А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,
- 52
- і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
- 53
- але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.
- 54
- Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
- 55
- Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;
- 56
- бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.
- 57
- Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
- 58
- Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя - гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
- 59
- А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
- 60
- Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
- 61
- Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
- 62
- Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.
|