- 1
- Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
- 2
- Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
- 3
- А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
- 4
- Як ён увайшоў у дом Божы і еў паклбдныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьятарам?
- 5
- Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
- 6
- Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
- 7
- калі б ведалі вы, што азначае: "міласьці хачу, але не ахвяры", не асудзілі б невінаватых;
- 8
- бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
- 9
- І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
- 10
- І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? - каб зьвінаваціць Яго.
- 11
- А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, - калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, - ня возьме і ня выцягне яе?
- 12
- Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
- 13
- Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
- 14
- А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
- 15
- І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
- 16
- і забараніў ім расказваць пра Яго:
- 17
- каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
- 18
- "Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
- 19
- не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
- 20
- трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
- 21
- і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы".
- 22
- Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
- 23
- І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
- 24
- А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
- 25
- Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
- 26
- І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
- 27
- І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
- 28
- Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
- 29
- Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
- 30
- Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
- 31
- Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
- 32
- калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
- 33
- Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
- 34
- Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
- 35
- Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
- 36
- Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
- 37
- бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
- 38
- Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
- 39
- Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
- 40
- бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
- 41
- Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
- 42
- Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
- 43
- Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
- 44
- тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
- 45
- тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
- 46
- Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
- 47
- І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
- 48
- Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
- 49
- І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
- 50
- бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
|