- 1
- Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:
- 2
- навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
- 3
- А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
- 4
- Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.
- 5
- А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: "дар Богу - тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся",
- 6
- той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
- 7
- Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
- 8
- "Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;
- 9
- але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым".
- 10
- І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
- 11
- ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
- 12
- Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?
- 13
- А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,
- 14
- пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
- 15
- А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
- 16
- Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?
- 17
- ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?
- 18
- а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
- 19
- бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:
- 20
- гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.
- 21
- І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.
- 22
- І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
- 23
- Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.
- 24
- А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
- 25
- А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
- 26
- А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
- 27
- Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.
- 28
- Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
- 29
- Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
- 30
- І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
- 31
- так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
- 32
- А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
- 33
- І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
- 34
- І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
- 35
- І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.
- 36
- І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні - людзям.
- 37
- І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
- 38
- А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
- 39
- І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.
|