1
І праз шэсьць дзён узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, брата ягонага, і ўзьвёў іх на гару высокую адных,
2
і перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло.
3
І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі.
4
Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю.
5
Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.
6
І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся.
7
І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся.
8
А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
9
І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.
10
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
11
Ісус сказаў ім у адказ: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё;
12
але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
13
Тады зразумелі вучні, што Ён пра Яна Хрысьціцеля казаў ім.
14
І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім,
15
сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду;
16
я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.
17
А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды.
18
І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.
19
Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
20
А Ісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам.
21
Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
22
У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Ісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,
23
і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. І засмуціліся яны вельмі.
24
Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі зьбіральнікі дыдрахмаў да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?
25
Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Ісус, папярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сымоне? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?
26
Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Ісус: значыцца, сыны свабодныя;
27
але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр; вазьмі яго і дай за Мяне і за сябе.