1
Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.
2
пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;
3
неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;
4
а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;
5
і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
6
Але апоўначы крык пачуўся: "вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму".
7
Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.
8
А неразумныя мудрым сказалі: "дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць".
9
А мудрыя сказалі ў адказ: "каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе".
10
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.
11
Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: "спадару! спадару! адчыні нам".
12
Ён жа сказаў ім у адказ: "праўду кажу вам: ня ведаю вас".
13
Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
14
Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:
15
і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.
16
Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;
17
гэтак сама і той з двума набыў другія два;
18
а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
19
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.
20
І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: "Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх".
21
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
22
Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: "гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх".
23
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
24
Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпбў;
25
і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё".
26
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпбў;
27
таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
28
Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,
29
бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
30
а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў". (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).
31
Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,
32
і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
33
і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч.
34
Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:
35
бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
36
быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
37
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
38
калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
39
калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?".
40
І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне".
41
Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: "ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным:
42
бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;
43
быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".
44
Тады і яны скажуць яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?"
45
Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне".
46
І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.