1
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;
2
бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.
3
І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?
4
Альбо, як скажаш брату свайму: "Дай, я выму парушынку з вока твайго"; а вось у тваім воку калода?
5
Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.
7
Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
8
бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
9
Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
10
і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?
11
Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.
12
І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
13
Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
14
бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх.
15
Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя;
16
па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
17
Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія:
18
ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.
19
Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
20
Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
21
Ня кожны, хто кажа Мне: "Госпадзе! Госпадзе!" увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.
22
Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?".
23
І тады абвяшчу ім: "Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне".
24
Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені;
25
і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені.
26
А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску;
27
і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае.
28
І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго,
29
бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.