1
Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
2
Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
3
засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
4
прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;
5
паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
6
каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
7
Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
8
Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
9
бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
10
Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
11
Калі будуць казаць: "ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
12
жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
13
набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
14
далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас":
15
Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
16
бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
17
На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
18
а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
19
Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
20
Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
21
на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
22
"Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
23
паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
24
Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
25
і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
26
за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
27
калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
28
Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
29
За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
30
не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
31
за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
32
Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
33
А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха".