- 1
- Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.
- 2
- Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
- 3
- Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
- 4
- Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
- 5
- Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.
- 6
- Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
- 7
- Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
- 8
- Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
- 9
- Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
- 10
- Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
- 11
- Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
- 12
- Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
- 13
- На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.
- 14
- Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.
- 15
- Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.
- 16
- Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.
- 17
- Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.
- 18
- Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.
- 19
- Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.
- 20
- Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.
- 21
- Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
- 22
- Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.
- 23
- Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць.
- 24
- Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.
- 25
- Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная.
- 26
- Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.
- 27
- Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.
- 28
- Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне.
- 29
- Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.
- 30
- Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.
- 31
- З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
- 32
- Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.
|