- 1
- Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
- 2
- Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
- 3
- У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
- 4
- Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
- 5
- Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
- 6
- Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.
- 7
- Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
- 8
- Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука.
- 9
- Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата.
- 10
- Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.
- 11
- Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.
- 12
- Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці.
- 13
- І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.
- 14
- Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх.
- 15
- Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
- 16
- Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
- 17
- Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
- 18
- Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
- 19
- Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.
- 20
- Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
- 21
- Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
- 22
- Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
- 23
- Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
- 24
- Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
- 25
- Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
- 26
- У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.
- 27
- Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
- 28
- У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.
- 29
- У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
- 30
- Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.
- 31
- Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
- 32
- За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
- 33
- Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
- 34
- Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.
- 35
- Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.
|