- 1
- Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.
- 2
- Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.
- 3
- З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба.
- 4
- Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток.
- 5
- Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.
- 6
- Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.
- 7
- Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную.
- 8
- Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.
- 9
- Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы.
- 10
- Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.
- 11
- Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.
- 12
- Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.
- 13
- Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.
- 14
- Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго.
- 15
- Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.
- 16
- Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.
- 17
- Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.
- 18
- Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.
- 19
- Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.
- 20
- Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.
- 21
- Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.
- 22
- Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.
- 23
- З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.
- 24
- Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.
|