- 1
- Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,
- 2
- і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,
- 3
- калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;
- 4
- калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:
- 5
- тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.
- 6
- Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго - веды і розум;
- 7
- Ён дае праведным выратаваньне; Ён - шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
- 8
- Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.
- 9
- Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.
- 10
- Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:
- 11
- тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,
- 12
- каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,
- 13
- ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;
- 14
- ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,
- 15
- у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;
- 16
- каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,
- 17
- якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.
- 18
- Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе - да мёртвых;
- 19
- ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.
- 20
- Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
- 21
- бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;
- 22
- а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.
|