1
Віно - глумлівае, сікера - шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.
2
Пагроза царовая - нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.
3
Гонар чалавеку - ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца - неразумны.
4
Гультай зімою не арэ; жабруе летам - і няма нічога.
5
Помыслы ў сэрцы ў чалавека - глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.
6
Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?
7
Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!
8
Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.
9
Хто можа сказаць: "я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?"
10
Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое - агідныя Госпаду.
11
Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?
12
Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць - і тое і другое стварыў Гасподзь.
13
Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.
14
"Дрэнна, дрэнна", кажа пакупнік; а як адыдзе - хваліцца.
15
Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд - вусны разумныя.
16
Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.
17
Салодкі чалавеку хлеб, набыты няпраўдаю; але пасьля - рот ягоны пяском напоўніцца.
18
Намеры набываюць пэўнасьць праз нараду, і пасьля нарады вядзі вайну.
19
Хто абгаворвае, той раскрывае таямніцы, і хто шырока разьзяўляе рот, з тым не вадзіся.
20
Хто ліхасловіць бацьку свайго і сваю маці, таго сьветач патухне сярод глыбокае цемры.
21
Спадчына, сьпешна захопленая напачатку, ня будзе дабраславёная пазьней.
22
Не кажы: "я адплачу табе за зло"; даверся Госпаду, і Ён ахавае цябе.
23
Агідныя Госпаду - дваякія гіры, і дваякія шалі - не дабро.
24
Ад Госпада кіруюцца крокі чалавека; а чалавеку як зьведаць дарогу сваю?
25
Сетка чалавеку - неадумна даваць зарок, і пасьля зароку - абдумваць.
26
Мудры цар расьцярушыць бязбожных і паверне на іх кола.
27
Сьветач Гасподні - дух чалавека, які вывярае ўсе глыбіні сэрца.
28
Ласка і праўда ахоўваюць цара, і на ласцы ён трымае свой трон.
29
Слава юнакоў - сіла іхняя, а акраса старых - сівізна.
30
Раны ад удараў - лечаць ад зла, і ўдары, якія пранікаюць усярэдзіну чэрава.