- 1
- Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;
- 2
- і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.
- 3
- Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа.
- 4
- Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае.
- 5
- Зьвернеш вочы твае на яго, і - яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба.
- 6
- Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі,
- 7
- бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; "еж і пі", кажа ён табе, а сэрца яго не з табою.
- 8
- Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна.
- 9
- У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае.
- 10
- Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь;
- 11
- бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою.
- 12
- Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае - да разумных слоў.
- 13
- Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ:
- 14
- ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла.
- 15
- Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;
- 16
- і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.
- 17
- Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;
- 18
- бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.
- 19
- Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
- 20
- Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам:
- 21
- бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.
- 22
- Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.
- 23
- Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.
- 24
- Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага - радуецца зь яго.
- 25
- Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.
- 26
- Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:
- 27
- бо распусьніца - глыбокая прорва, а чужая жонка - вузкі калодзеж;
- 28
- яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.
- 29
- У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?
- 30
- У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.
- 31
- Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;
- 32
- пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід;
- 33
- вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;
- 34
- і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.
- 35
- І скажаш: "білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае."
|