1
Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:
2
бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.
3
Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,
4
і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.
5
Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.
6
Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.
7
Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.
8
Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.
9
Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям.
10
Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.
11
Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?
12
Ці скажаш: "вось, мы ня ведалі гэтага?" А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.
13
Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:
14
такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.
15
Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.
16
Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.
17
Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.
18
Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.
19
Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:
20
бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне.
21
Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,
22
бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?
23
Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра.
24
Хто кажа вінаватаму: "твая праўда", таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;
25
а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.
26
У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.
27
Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.
28
Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?
29
Не кажы: "як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных".
30
Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.
31
І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.
32
І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:
33
"крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;
34
і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены".