- 1
- Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.
- 2
- Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.
- 3
- Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.
- 4
- Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;
- 5
- а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.
- 6
- Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.
- 7
- Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.
- 8
- Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.
- 9
- Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.
- 10
- Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.
- 11
- Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.
- 12
- Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, - дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.
- 13
- Гультай кажа: "леў на дарозе! леў на дварэ!"
- 14
- Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.
- 15
- Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.
- 16
- Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.
- 17
- Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.
- 18
- Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
- 19
- так - чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: "я толькі пажартаваў".
- 20
- Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.
- 21
- Вугаль - на жар, дровы - на распал свары.
- 22
- Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.
- 23
- Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.
- 24
- Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.
- 25
- Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.
- 26
- Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.
- 27
- Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.
- 28
- Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.
|