- 1
- Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.
- 2
- Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, - чужы, а не язык твой.
- 3
- Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
- 4
- Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?
- 5
- Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.
- 6
- Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.
- 7
- Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае - салодкае.
- 8
- Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.
- 9
- Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.
- 10
- Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.
- 11
- Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
- 12
- Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.
- 13
- Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.
- 14
- Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.
- 15
- Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка - роўныя;
- 16
- хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.
- 17
- Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.
- 18
- Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.
- 19
- Як у вадзе твар - да твару, так сэрца чалавека - да чалавека.
- 20
- Апраметная і Авадон - ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.
- 21
- Што плавільня - срэбру, горан - золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.
- 22
- Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.
- 23
- Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;
- 24
- бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?
- 25
- Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.
- 26
- Авечкі - на вопратку табе, і казлы - на закуп поля.
- 27
- І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.
|