- 1
- Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;
- 2
- бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.
- 3
- Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:
- 4
- і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.
- 5
- Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.
- 6
- На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.
- 7
- Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;
- 8
- Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.
- 9
- Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
- 10
- і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.
- 11
- Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;
- 12
- бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.
- 13
- Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!
- 14
- Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.
- 15
- Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.
- 16
- Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;
- 17
- шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя.
- 18
- Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!
- 19
- Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;
- 20
- Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.
- 21
- Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:
- 22
- і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.
- 23
- Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.
- 24
- Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.
- 25
- Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;
- 26
- бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.
- 27
- Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.
- 28
- Не кажы сябру твайму: "ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам", калі маеш з сабою.
- 29
- Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.
- 30
- Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.
- 31
- Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,
- 32
- бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.
- 33
- Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.
- 34
- Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.
- 35
- Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.
|