1
Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:
2
што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?
3
Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.
4
Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям - сякеру,
5
каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.
6
Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;
7
хай ён вып'е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.
8
Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.
9
Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.
10
Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.
11
Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.
12
Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.
13
Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.
14
Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.
15
Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.
16
Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.
17
Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.
18
Яна адчувае, што занятак яе добры, і - сьветач яе ня тухне і ўначы.
19
Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.
20
Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.
21
Не баіцца сьцюжы для сям'і сваёй, бо ўся сям'я яе апранута ў двайную адзежу.
22
Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура - вопратка яе.
23
Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.
24
Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.
25
Моц і прыгажосьць яе - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.
26
Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.
27
Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.
28
Устаюць дзеці - і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе:
29
"шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх".
30
Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
31
Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!