- 1
- Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога,
- 2
- і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх,
- 3
- зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;
- 4
- не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім;
- 5
- ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова,
- 6
- падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры.
- 7
- Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы;
- 8
- а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой.
- 9
- Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго?
- 10
- Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш:
- 11
- і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік.
- 12
- Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі,
- 13
- міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі;
- 14
- хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад.
- 15
- Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня.
- 16
- Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго:
- 17
- вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,
- 18
- сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,
- 19
- ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.
- 20
- Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;
- 21
- навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю.
- 22
- Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою:
- 23
- бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця,
- 24
- каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі.
- 25
- Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі;
- 26
- бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу.
- 27
- Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго?
- 28
- Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх?
- 29
- Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны.
- 30
- Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны;
- 31
- але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго.
- 32
- А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое;
- 33
- пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца;
- 34
- бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты,
- 35
- ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.
|