- 1
- Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.
- 2
- Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.
- 3
- Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.
- 4
- Скажы мудрасьці: "ты сястра мая!" і розум назаві родным тваім,
- 5
- каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.
- 6
- Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,
- 7
- і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,
- 8
- які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,
- 9
- у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.
- 10
- І вось - насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,
- 11
- узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;
- 12
- то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.
- 13
- Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:
- 14
- "Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;
- 15
- таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і - знайшла цябе.
- 16
- Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;
- 17
- спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.
- 18
- Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;
- 19
- бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;
- 20
- кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца".
- 21
- Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.
- 22
- Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,
- 23
- пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно - пагібель яе.
- 24
- Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.
- 25
- Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;
- 26
- бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:
- 27
- дом яе - дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.
|